Лявон Вольскі прадставіць новы альбом «Псіхасаматыка» ў Вільні

3 снежня ў абноўленым клубе LOFTAS адбудзецца канцэртная прэзентацыя новага альбома Лявона Вольскага, які атрымаў назву «Псіхасаматыка». Беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы для наведвання канцэрта.

«Псіхасаматыка» – першы новы альбом Лявона Вольскага пасля смерці жонкі і мэнэджэркі Ганны Вольскай у сакавіку 2016 года. Грошы на запіс дыска збіраліся праз краўдфандынг. Над новым альбомам працаваў «нарвежскі дрым-цім» на чале з саўндпрадусарам Снорэ Бергерудам. Ён жа адказваў за папярэдні лонгплэй «Грамадазнаўства» (2014) – па шматлікіх водгуках адзін з найлепшых у насычанай дыскаграфіі Лявона Вольскага.
На дыск трапілі 16 трэкаў, падзеленых паміж сабой на дзве цалкам розныя па гучанні часткі: “Горад” і “Лес”.

“Гэты альбом для мяне нязвыкла асабісты, — каментуе Лявон Вольскі. — Шмат у якіх песнях сканцэнтраваныя вельмі асабістыя думкі, пачуцці, эмоцыі і перажыванні. У ім шмат новага для мяне — у падыходзе да тэксту, мелодыі, гармоніі. І, разам з тым, шмат майго традыцыйнага. Так атрымалася, што “Псіхасаматыка” — гэта водападзел паміж тым, што было і тым, што,спадзяюся, будзе. А яшчэ дзве паловы альбома, дзве плыткі — гэта і дзве паловы беларуса: Каляды і Раство, Новы год і стары Новы год, Вялікдзень і Пасха, паганства і хрысціянства. Два бакі аднаго медаля, дзве душы”.

 

Comments

Добавить комментарий